Вы на портале

Закупкi: за некалькі гадоў у Гродзенскай вобласці распачата звыш 70 крымінальных спраў

Сумесныя праверкі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці і абласной пракуратуры ўстанавілі, што пасрэдніцкія ланцужкі можна прасачыць практычна ва ўсіх сферах: ЖКГ, будаўніцтве, прамысловасці, сельскай і лясной гаспадарках, бюджэтнай сферы. Дзейнасць нядобрасумленных гульцоў на рынку закупак прыводзіць да падаражання прадукцыі, залішніх выплат, карупцыі. У лясной галіне, напрыклад, з'явіліся новыя формы пасрэдніцтва ў абыход закона.

612 Shape 1 copy 6Created with Avocode.

У дзяржкантролі не адмаўляюць, што ёсць выпадкі, калі без пасрэднікаў не абысціся, а з некаторымі нават выгадней працаваць, чым напрамую з вытворцам. Між тым закупкі часам носяць крымінальны характар. Яны ўзнікаюць ад фармальнага падыходу альбо пры адсутнасці кантролю з боку мясцовых улад.

Такія факты назіраюцца ў некаторых сельгаспрадпрыемствах вобласці. Праз пасрэднікаў набываюцца сродкі аховы раслін, запасныя часткі для тэхнікі. Распаўсюджана і закупка травяністых кармоў для буйной рагатай жывёлы. Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы расказаў пра птушкафабрыку «Чырвонаармейская» Карэліцкага раёна. Тут закуплялі кармы за межамі вобласці ў прыватнай кампаніі і індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, было закуплена 150 тон сенажу па цане 97 рублёў за тону і, адпаведна, 470 тон сіласу за 85 рублёў. У сваю чаргу, прадавец сам набываў кармы ў іншых арганізацыях, але па 50 рублёў за тону. Такім чынам, адбылася значная накрутка. Між тым у птушкафабрыкі была магчымасць яе пазбегнуць і закупіць кармы ў сельгаспрадпрыемстваў свайго раёна па значна ніжэйшай цане. У выніку пераплата склала амаль 8 тысяч рублёў. «Навошта плацілі больш?» — задае рытарычнае пытанне Аляксандр Садаўнічы.

Адказ цікава было б пачуць і ад кіраўніцтва Бераставіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пры закупцы кацельнага абсталявання прадпрыемства па незразумелых прычынах адхіліла прапанову вытворцы з самай нізкай цаной. Замест гэтага аналагічнае абсталяванне, але значна даражэйшае, было закуплена ў пасрэдніка. Гэта вылілася ў дадатковыя траты бюджэтных сродкаў на суму 240 000 рублёў. Пры гэтым фірма-прадавец, якая рэалізавала кацельнае абсталяванне, раней не мела вопыту работы ў дадзенай сферы і была створана літаральна за два месяцы да правядзення закупак. Атрымаўшы грошы ад рэалізацыі абсталявання, фірма не стала марудзіць і накіравала атрыманыя бюджэтныя сродкі на пакупку сямі дарагіх легкавых аўтамабіляў 2020 года выпуску. Па дадзеных матэрыялах у сакавіку гэтага года ўзбуджана крымінальная справа.

У дзяржкантролі звярнулі ўвагу на будаўнічую галіну. Часам нацэнкі на будаўнічыя матэрыялы і абсталяванне ў параўнанні з іх коштам складалі ад 25 да 500 працэнтаў. Прыкладаў такіх нямала. Вось адзін з апошніх.

Будаўнічая арганізацыя набыла ў пасрэдніка будматэрыялы з аптовымі надбаўкамі, якія дасягалі амаль 230 працэнтаў. Прычым будаўніцтва аб'екта вялося за кошт бюджэту, а выплаты пасрэднікам склалі больш за 170 000 рублёў. Такія аперацыі цягнуць за сабой завышэнне кошту будаўніча-мантажных работ. За мінулы год і першы квартал сёлетняга ў бюджэт па выніках праверак вернута больш за 2 мільёны рублёў.

Новы від пасрэдніцтва з'явіўся ў лясной галіне.

— Аказалася, што шматлікія прадпрымальнікі, якія займаюцца распілоўкай і нарыхтоўкай драўніны, закупляюць сыравіну не праз біржу, як устаноўлена заканадаўствам, а прыцягваюць у якасці пасрэдніка фізічных асоб, якія маюць магчымасць набыць дзелавую драўніну для ўласнага спажывання напрамую ў лясгасаў, — расказаў Аляксандр Садаўнічы.

У выніку такой схемы рэалізацыі драўніны камерцыйным структурам праз фізічных асоб Ваўкавыскаму лясгасу нанесена страта на суму 66 000 рублёў. У адносінах да дырэктара і галоўнага інжынера ўзбуджана крымінальная справа.

Па словах начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Гродзенскай вобласці Уладзіміра Сідо, за апошнія гады ў вобласці ўзбуджана звыш 70 крымінальных спраў датычна пасрэдніцкай дзейнасці. Было ўстаноўлена, што агульная сума пераплаты пры такіх закупках складае больш за мільён рублёў.

Як зазначыў прадстаўнік пракуратуры, само па сабе пасрэдніцтва не з'яўляецца нечым незаконным. А вось калі пасрэдніцкая структура мае мэту павелічэння кошту тавару, які закупляецца, стварэнне каму-небудзь пэўных прэферэнцый і арганізацыю афіляваных кампаній, то рана ці позна ёй абавязкова зацікавяцца праваахоўныя органы.

Источник: kgk.gov.by   

612 Shape 1 copy 6Created with Avocode.