Вы на портале

У Гродне складваецца праблемная сітуацыя з капітальнымі рамонтамі

Капiтальныя рамонты часта прымаюць зацяжны характар. З такой з'явай сутыкнулася i гродзенка Антанiна Фёдараўна. У яе доме па вулiцы Ленiна рамонт пачаўся ў сакавiку мiнулага года i павiнен быў скончыцца ў маi таго ж года. Канфлiкты з камунальнымi службамi прывялi да таго, што жанчына ў лютым гэтага года вымушана была звярнуцца ў Камiтэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласцi.

1206 Shape 1 copy 6Created with Avocode.

Двухпавярховы дом па вулiцы Ленiна абласнога цэнтра даўно чакаў рамонту. Антанiна Фёдараўна расказала, што нават старажылы, якiя жывуць тут з часоў яго пабудовы, а гэта 1949 год, не памятаюць, каб на гэтым месцы штосьцi рамантавалi. Вядома, жыхары не аднойчы звярталiся з гэтым пытаннем да гарадскiх улад, i не без падставы: дах у многiх месцах працякаў, у кватэрах з'яўлялася вiльгаць. Неаднойчы здаралiся лакальныя абвалы...

Нарэшце дайшла чарга i да яго. Адбылося гэта зусiм нядаўна — летась будынак паставiлi на капiтальны рамонт. Здаецца, жыхары павiнны радавацца. Але раптам высветлiлася, што iм трэба вывезцi мэблю i самiм з'ехаць з кватэр. Пры гэтым падменным фондам людзей нiхто не забяспечваў. I хоць жыхары падрыхтавалi кватэры да рамонту, ён нiяк не пачынаўся.

— Так доўжылася больш за паўгода... А тут з ЖЭСа прыносяць прадпiсанне, маўляў, тэрмiнова вызваляйце памяшканнi, здымайце нацяжныя столi, бо прыцягнем да адказнасцi, атрымаеце штраф. Такое стаўленне жыхары палiчылi, мякка кажучы, некарэктным i звярнулiся ў КДК Гродзенскай вобласцi. Сiтуацыя сапраўды хутка змянiлася. А дакладней — рамонт пачаўся поўным ходам. Быў зроблены новы дах, столi падбiлi гiпсакартонам, адрамантавалi фасад. Карацей, дом поўнасцю аднавiўся без усякага высялення, — расказвае Антанiна Фёдараўна.

Аказваецца, усё можна зрабiць, знайсцi кампрамiсныя рашэннi, а не кiваць на тое, што гэта, маўляў, праблемы не нашы, а жыхароў. Шкада толькi, што людзей пачулi толькi пасля звароту ў дзяржкантроль. Мiж тым падобных скаргаў у КДК Гродзенскай вобласцi нямала. Сёлета iх колькасць павялiчылася.

— Асаблiва праблемная сiтуацыя складваецца ў Гродне. Работы па замене даху, напрыклад, выконваюцца ў неспрыяльны перыяд, падчас дажджоў, што прыводзiць да залiцця памяшканняў i пашкоджання канструкцый самога будынка i жылых кватэр. Ёсць пытаннi i па якасцi рамонту, — акрэслiвае сiтуацыю начальнiк упраўлення КДК Гродзенскай вобласцi Наталля Жур.

Мiж тым аб'ёмы капiтальнага рамонту растуць, канстатуюць у КДК. Гэта абумоўлена як высокай колькасцю жылых дамоў, пабудаваных 30-40 гадоў таму, так i патрабаваннямi кiраўнiка дзяржавы. У прыватнасцi ў адпаведнасцi з Дырэктывай № 7 «Аб удасканальваннi i развiццi жыллёва-камунальнай гаспадаркi» перад абласнымi ўладамi на 2020 год пастаўлена задача адрамантаваць 3 % жылога фонду, якi знаходзiцца на балансе ЖКГ. Пры гэтым узятую планку ў далейшым знiжаць не дапускаецца. У КДК Гродзенскай вобласцi прааналiзавалi сiтуацыю з капiтальнымi рамонтамi за мiнулы год. Аказалася, што многiя жылыя дамы рамантуюцца не ў належны тэрмiн. Значная колькасць жылых плошчаў засталася без аднаўлення. Было запланавана адрамантаваць 320 тысяч квадратных метраў, але здалi толькi 83 % даведзенага плана. Пры гэтым заданне не выканалi 10 арганiзацый з 20. Рамонты, вядома, вядуцца, але далёка не ўсюды будынкi своечасова ўводзяцца ў эксплуатацыю. Напрыклад, такая сiтуацыя летась склалася ў жыллёва-камунальных гаспадарках Зэльвенскага i Гродзенскага раёнаў.

У КДК звяртаюць увагу i на наступнае. Згодна са справаздачай планы па капрамонце выконвалiся два папярэднiя гады: у 2017-м i 2018-м. Прытым нават з невялiкiм плюсам. Праверкi ж выявiлi, што тут не абышлося без прыпiсак.

— Практыка справаздачнасцi аб уводзе нiбыта завершанага капiтальнага рамонту працягваецца не першы год, — канстатуе Наталля Жур. — Але паўнавартасны ўвод у эксплуатацыю падменьваецца па шэрагу будынкаў прыёмкай толькi першых пускавых комплексаў. Насамрэч планы нi ў 2017, нi ў 2018 годзе не выкананы.

На тое ёсць некалькi прычын. Як растлумачылi ў КДК, у план уключаюцца аб'екты, па якiх не распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя альбо яна патрабуе карэкцiроўкi на стадыi работ, у вынiку чаго рамонт спыняецца да той пары, пакуль усё не вырашыцца. Акрамя гэтага, узнiкаюць дадатковыя работы, якiя прыводзяць да ўдаражэння аб'екта аж на 30 % ад першапачатковага кошту.

Пасля праверак у чатырох арганiзацыях ЖКГ было выяўлена завышэнне кошту праектных, будаўнiча-мантажных работ на агульную суму 110 тысяч рублёў. А ўсяго па вобласцi завышэнне кошту на аб'ектах капiтальнага рамонту жылога фонду складае амаль 700 тысяч рублёў. Гэтыя сродкi вернуты як у бюджэт, так i на спецыяльныя рахункi.

Источник: kgk.gov.by  

1206 Shape 1 copy 6Created with Avocode.
Последнее
по теме